У Беларусі ўзмоцнены прафілактычныя мерапрыемствы па недапушчэнні распаўсюджвання каронавіруса
Міністэрства аховы здароўя Беларусі адсочвае сітуацыю, якая адбываецца ў свеце з распаўсюджваннем каронавіруса новага тыпу. У Беларусі ўзмоцнены прафілактычныя мерапрыемствы па недапушчэнні яго распаўсюджвання. Работа спецыялістаў ведамства накіравана на прафілактыку захворвання сярод тых, хто прыязджае ў Беларусь з краін з неспрыяльнай эпідсітуацыяй. Таксама вядзецца праца, у тым ліку праз тураператараў, па папярэджанні грамадзян, якія выязджаюць з Беларусі ў турыстычныя паездкі. Каб аператыўна прыняць меры па недапушчэнні завозу віруса ў краіну — праводзяцца комплексныя мерапрыемствы ў Нацыянальным аэрапорце «Мінск». Адзначым, што ў аэрапортах арганізаваны санітарна-каранцінны кантроль пасажыраў з краін, у якіх выяўлена захворванне, у тым ліку з прымяненнем цеплавізійнага абсталявання.
Спецыялісты РНПЦ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі пастаянна адсочваюць дынаміку развіцця эпідэмічнай сітуацыі ў свеце і гатовыя да дыягностыкі ўзбуджальніка захворвання па метадычнай распрацоўке Сусветнай арганізацыi аховы здароўя (СААЗ).
Нагадаем, што ўлады Кітая інфармавалі СААЗ аб успышцы невядомай пнеўманіі ў горадзе Ухань. У пачатку студзеня кітайскія медыкі ўстанавілі ўзбуджальніка хваробы — каронавірус 2019-nCoV. Лабараторнага тэставання падвергліся ўсе выпадкі захворвання з падазрэннем на новую пнеўманію. У краіне прымаюцца меры для ўдасканалення тэхналогій, якія дапамогуць больш аператыўна выяўляць новыя выпадкі заражэння. Крыніца інфекцыі ў цяперашні час не ўстаноўлена. Большасць выяўленых хворых наведвалі аптовы рынак морапрадуктаў Ухань.
Прыкмет устойлівай перадачы ад чалавека чалавеку пакуль няма. Па стане на 21 студзеня агульная колькасць пацверджаных выпадкаў 2019-nCoV складае 222 (Кітай: 218, Тайланд: 2, Японія: 1, Рэспубліка Карэя: 1), у тым ліку 4 смерці (усе ў Ухань, Кітай). Колькасць зарэгістраваных выпадкаў захворвання ў Ухань (Кітай) уключае 15 работнікаў сферы аховы здароўя. Верагоднасць заражэння падарожнікаў падчас наведвання любых харчовых рынкаў у Ухань лічыцца ўмеранай, паколькі крыніца інфекцыі невядомая.
СААЗ накіравала ў бальніцы па ўсім свеце дырэктывы па прафілактыцы і барацьбе з інфекцыяй. Ва ўсіх краінах ўзмоцнена праверка падарожнікаў, якія прыбываюць з Кітая. Надыходзячае святкаванне кітайскага Новага года ў канцы студзеня 2020 года пацягне за сабой павелічэнне аб’ёму паездак у/з Кітая і ўнутры Кітая, што павялічыць верагоднасць магчымага распаўсюджвання інфекцыі.
Бягучыя доказы таго, што перадача ад чалавека да чалавека абмежаваная, паказваюць на тое, што ацэначная верагоднасць далейшага распаўсюджвання ва ўмовах супольнасці нізкая, але рызыку выключыць нельга.
Пры паездках рэкамендуецца ўстрымацца ад наведвання месцаў з масавай навалай людзей, пазбягаць кантакту з тымі, у каго назіраюцца прыкметы прастуды, па магчымасці насіць маскі. Акрамя таго, неабходна рэгулярна мыць рукі і часова адмовіцца ад прыёму ў ежу недаваранага і недасмажанага мяса, так як мяркуецца, што заражэнне магло адбыцца ад мяса марскіх альбо сухапутных млекакормячых.
Каронавірусы — сямейства больш чым 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзелены ў 1965 годзе. Каронавірусы уплываюць на людзей, хатніх жывёл, свіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць паражэнне дыхальнай сістэмы, страўнікава-кішачнага гасцінца, нервовай сістэмы. Сярод сімптомаў — жар, кашаль і абцяжаранае дыханне. Паколькі гэтыя сімптомы падобныя на многія іншыя рэспіраторныя захворванні, неабходны дадатковы скрынінг.
Плануецца, што 22 студзеня адбудзецца экстраннае пасяджэнне Надзвычайнага камітэта СААЗ. Гэтая камісія складаецца з міжнародных экспертаў, якія прадастаўляюць тэхнічныя кансультацыі Генеральнаму дырэктару СААЗ у кантэксце «надзвычайнай сітуацыі ў галіне грамадскай аховы здароўя, якая мае міжнароднае значэнне». Мяркуецца, што камітэт прыме рашэнне, ці ўяўляе ўспышка пнеўманіі, выкліканая новым каронавірусам, надзвычайную сітуацыю ў міжнародным маштабе і, калі неабходна, распрацуе неабходныя рэкамендацыі. У пасяджэнні прапанавана прыняць удзел толькі краінам, у якіх зафіксаваныя выпадкі з прыкметамі гэтага віруса.
Прэс-служба Міністэрства аховы здароўя