Макараўскія школьнікі адправіліся ў падарожжа на востраў “Сямейныя скарбы”
Напярэдадні Дня сям’і ў рамках тыдня “Сям’я – апора ўсяго жыцця” ва ўстанове адукацыі навучэнцы трэцяга і пятага класаў адправіліся ў цікавае падарожжа на востраў “Сямейныя скарбы”. Удзельнікамі падарожжа сталі дзеці, якія далі правільныя адказы на пытанні.
Былі размеркаваны абавязкі, абраны капітаны, знойдзена карта, на якой адзначаны месцы, дзе схаваны скарбы. Першае выкананае выпрабаванне даказала, што ад маці залежыць утульнасць, цяпло сямейнага ачага, што бацька з’яўляецца рулявым у кожнай сям’і, але не застаюцца ў баку і дзеці. Толькі сумеснымі намаганнямі можна дабіцца поспеху.
Доказам таму з’яўлялася прыгатаванне фірменнай стравы – макароны “па-флоцку”, з чым дзеці справіліся вельмі хутка.
А як умеюць весяліцца ў кожнай сям’і паказала выпрабаванне “Музычны сюрпрыз”, у час якога дзеці не толькі спявалі, чыталі вершы, расказвалі цікавыя прыгоды, але і танцавалі. Удзел у гульнях, у якія любяць гуляць дзеці разам са сваёй сям’ёй, падцвердзіў, што сем’і нашых дзяцей умеюць і адпачываць, ім разам весела і цікава.
Усе заданні выкананы, выпрабаванні пройдзены, скарбы знойдзены. А вынікам з’яўляецца тое, што кожная сям’я нашых навучэнцаў захоўвае ў сваім доме такія скарбы як сямейныя традыцыі, сямейны адпачынак, сумесная праца, сямейныя каштоўнасці, сямейны спорт. У канцы свята дзеці сабралі вялікую флатылію, зробленую сваімі рукамі, і на кожным парусніку напісалі каштоўнасці, ад якіх залежыць мір і згода ў сям’і.